|
Мемарыяльны комплекс уяўляе сабой арыгінальнае, велічнае архітэктурна-мастацкае збудаванне, створанае пры дапамозе сінтэзу мастацтваў, якое нясе ў сабе высокую патрыятычную ідэю, перададзеную рэалістычнымі мастацкімі сродкамі.
Выразна, яркай, вобразнай мовай расказвае ён аб трагедыі і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Помнік ахвярам фашызму адметны незвычайным, арыгінальным вырашэннем тэмы, лаканізмам, прастатой і выразнасцю.
Выключна моцнае эмацыянальнае ўздзеянне дасягаецца гарманічным адзінствам з прыродай, гукавым суправаджэннем, дасканаласцю архітэктуры і пластыкі.
У вобразе няскоранага жыхара Хатыні, які нясе на руках па-зверску забітага фашыстамі сына, але не схіліў галаву перад захопнікамі, увекавечаны подзвіг усяго народа. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі.
У элементах мемарыяльнага комплексу адлюстраваны не толькі пачуццё смутку аб загінуўшых, але і гонар за мужны і стойкі беларускі народ.
Аўтарскі калектыў: архітэктары Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін і скульптар С.Селіханаў удастоены звання лаўрэатаў Ленінскай прэміі ў галіне архітэктуры (1970 г.).
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.
|