|
У 2004 годзе споўнілася 35 гадоў з дня стварэння Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». За час існавання яго пад уздзеяннем сіл прыроды пачалі разбурацца бетонныя элементы мемарыяла, гранітнае і мармуровае пакрыццё комплексу.
У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вяліся работы па рэканструкцыі з элементамі рэстаўрацыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 24 красавіка 2004 г. у Беларусі адбыўся рэспубліканскі суботнік. У гэты дзень Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыняў удзел у работах па аднаўленню Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
Кіраўнік дзяржавы падрабязна азнаёміўся з ходам рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу. Прэзідэнт выказаў крытыку ў сувязі з тым, што праца ідзе вельмі марудна. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, неабходна паскорыць тэмпы рэканструкцыі: да 3 ліпеня рэстаўрацыя павінна быць завершана. Калі для гэтага спатрэбяцца дадатковыя фінансавыя сродкі і прыцягненне спецыялістаў, дзяржава дапаможа, падкрэсліў Прэзідэнт. Для ўсіх аднаўленчых работ тут павінны выкарыстоўвацца толькі самыя новыя і якасныя тэхналогіі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Агледзеўшы комплекс, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на шэраг важных дэталяў, звязаных з добраўпарадкаваннем тэрыторыі, адзначыў, што ідэя і выгляд комплексу пры гэтым павінны быць поўнасцю захаваны.

Рэканструкцыя «Хатыні» з’явілася асноўнай часткай шырокамаштабнай кампаніі па аднаўленню гістарычных помнікаў рэспублікі, многія з якіх патрабуюць тэрміновай рэстаўрацыі. Гэта, безумоўна, патрабуе немалых сродкаў. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, калі гэта не будзе зроблена сёння, то ўжо пра некалькі гадоў аднаўленчыя работы абыдуцца ўдвая даражэй.
На суботніку брыгада Прэзідэнта, у якую ўвайшлі і вышэйшыя службовыя асобы рэспублікі, і простыя рабочыя, займалася бетанаваннем падмурка і ступеняў пляцоўкі каля Вечнага агню «Хатынi».
Сродкі ад рэспубліканскага суботніка былі накіраваны на аднаўленне помнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» была завершана да 25 чэрвеня 2004 года.
|