русская версия      English version      Deutsch Version

Мемарыяльны комплекс «Хатынь»

   Версія для друку

Людзі розных палітычных перакананняў і веравызнанняў прыязджаюць у Хатынь ушанаваць памяць бязвінных ахвяр Другой сусветнай вайны. Жалобны гук званоў Хатыні нагадвае аб трагічных лёсах рускай Красухі, украінскіх Картэлісаў, літоўскай Аблінгі, чэшскай Лідзіцэ, французскага Арадур-сюр-Глана і многіх іншых.

Наведванне мемарыяла прымушае людзей усвядоміць кволасць міру, задумацца аб Вечным. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» адлюстроўвае міралюбівую палітыку нашай дзяржавы.

1 ліпеня 2004 года ў пярэдадзень 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Хатыні адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам прэзідэнтаў: Беларусі – А.Р.Лукашэнкі, Расіі – У.У.Пуціна, Украіны – Л.Д.Кучмы.

За 35 гадоў Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь” наведалі каля 35 мільёнаў чалавек больш чым са 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў мемарыяла сакратары ААН У Тан і Х. Перэс дэ Куэльяр, Прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, прэзідэнты Фінляндыі У.К.Кекканен і М.Койвіста, Прэмьер-міністр Індыі Раджыў Гандзі, Генеральны сакратар камуністычнай партыі Кубы Фідэль Кастра, Старшыня Выканаўчага камітэта Арганізацыі вызвалення Палесціны Ясір Арафат, Прэзідэнт Румыніі І.Іліеску, Прэзідэнт Казахстана Н.Назарбаеў, Старшыня кампартыі Кітая Ху Цзінтао і многія іншыя вядомыя палітычныя дзеячы.

Водзывы з кнігі ганаровых наведвальнікаў Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь»:

«Без мінулага няма сучаснасці і будучыні. Уступаючы ў шасцідзесяты год мірнага жыцця, Беларусь не забывае, цаной якой барацьбы, пакут і ахвяр здабыта шчасце. Полымя Хатыні абпальвае нашы сэрцы, напамінаючы аб свяшчэнным абавязку – берагчы мір і спакой на роднай зямлі, не дапусціць паўтарэння жахаў вайны.
Тут, у Хатыні, увасоблены ў граніт і бронзу мужнасць і гераізм беларускага народа.
Адноўлены да вялікай даты мемарыял – бачнае пацверджанне вечнай памяці нашчадкаў аб трагедыі спаленых вёсак.
Ніколі не згасне наша падзяка і ўдзячнасць тым, хто цаной свайго жыцця абараніў свабоду і незалежнасць Радзімы.
Сімвал цвярдыні і нязломнасці чалавечага духу, Хатынь заўсёды будзе служыць справе міру і ўзаемаразумення паміж народамі».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка
1 ліпеня 2004 г.

«Памяць аб ахвярах, гераічнае мінулае народаў нашых аб’ядноўваюць нас на вечныя часы».
Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.Пуцін
2004 г.

«Колькі б ні прайшло гадоў і стагоддзяў, фашызму апраўдання няма. Зберагайце гэту гісторыю для нашчадкаў. Вечная памяць усім ахвярам фашысцкіх вырадкаў».
Г.Селязнёў
2004 г.

«Гэта вялікае для мяне хваляванне. Арадур-сюр-Глан і Хатынь звязаны памяццю іх ахвяр. Гэта месца -- важны ўспамін аб мінулым. Не трэба забываць аб пільнасці».
Дырэктар мемарыяльнага цэнтра Арадур-сюр-Глан
2004 г.

«Мы да сённяшняга дня толькі чулі аб генацыдзе, масавым знішчэнні людзей, але пасля наведання мемарыяла мы сваімі вачамі ўбачылі ўвесь жах Другой сусветнай вайны. Я нізка схіляю галаву перад ні ў чым не павіннымі жыхарамі вёскі Хатынь і прашу Бога, каб падобнае не паўтарылася нідзе і ніколі. Мы выступаем супраць расізму, генацыду і жадаем усім народам міру. Гэты помнік застанецца вечным і незабываемым сімвалам смутку».
Міністр па справах моладзі і спорту Індыя
2003 г.

«Немагчыма словамі выказаць наша ўражанне. Ад імя Валонскага парламента мы выказваем захапленне беларускаму народу, які перажыў жахі вайны і здабыў мір».
Старшыня Парламента Бельгіі Альберт Каліньён
2003 г.

«Нам, людзям, патрэбны такія мемарыялы, як Хатынь, каб ніколі больш гэта цёмная частка гісторыі не паўтарылася».
Бургамістр г. Бон Ульрых Хаунгельд
2003 г.

«Было вельмі важна. наведаць гэта гістарычнае месца, узведзенае, каб напомніць чалавецтву пра самыя цёмныя перыяды ўсёй цывілізаванай гісторыі. Мы не забудзем гэтыя ўражанні і будзем працаваць у гармоніі, каб захаваць мір для ўсіх».
Прэзідэнт Турэцкага даследчага Савета па навуцы і тэхналогіі Нэмік К. Пэк
2002 г.

«Важна захаваць памяць аб ахвярах усіх войн у свеце».
Сэйнці Мімура Кавагуці, настаяцель храма Уракамі (Нагасакі)

«Трэба, каб урокі трагедый ХХ стагоддзя паслужылі будучыні свету».
Тосіка Ёкоска, Японія
2000 г.

«Гэта вельмі ўражвае. Дзякуй, што далі свету ведаць аб тым, што вам святое і што вы помніце.
Мемарыяльны комплекс нясе вельмі жывыя і рэальныя адчуванні, гэта цяжка забыць.
Мір, любоў і прабачэнне».

Прафесарска-выкладчыцкі састаў універсітэта Мінесоты, ЗША
1999 г.

«Жалобныя званы Хатыні сугучныя біццю сэрца метранома Піскароўскіх могілак.Няхай такое ніколі не паўторыцца ў свеце».
Удзельнікі «Маршу Міру»
1991 г.

«Ніколі больш! Я спадзяюся, што пакуты жыхароў Хатыні паслужаць урокам міласэрнасці для ўсіх людзей свету. Мы ўсе павінны падумаць аб тым, якая бесчалавечная вайна і які жыватворны мір. Захапленне і павага людзям Хатыні!»
Хаўер Перэс дэ Куэльяр, Генеральны сакратар ААН
1987 г.

«Гэта хвалюючы напамін пра тое, што вайна можа прынесці людзям. Няхай ніхто з нас не забывае, як людзі скарысталі сваю энергію для знішчэння адзін другога. Няхай гэта будзе напамінам усім тым, хто перашкаджае раззбраенню, што сёння вынікі могуць быць яшчэ горшыя. Мемарыял выклікае надзвычай моцныя ўражанні ў кожнага, хто яго наведвае. Мінск і Беларусь перажылі шмат пакут, каб маглі жыць ідэалы гуманізму. Няхай свет памятае і змагаецца за лепшую будучыню чалавецтва».
Раджыў Гандзі, Прэм’ер-міністр Індыі
1985 г.

«Для чалавека, што прыехаў з краіны (Швецыя), якой пашанцавала не быць акупіраванай у час вайны, мемарыял “Хатынь” – гэта страшны доказ таго, што можа зрабіць з людзьмі вайна, дзе б яна ні адбывалася. Прыміце нашу глыбокую падзяку беларускаму народу за ўсё, што ён выпакутаваў. Няхай гэта будзе папярэджаннем! Чымсьці такім, што трэба помніць і забыць!»
1982 г.

«Глыбокае ўражанне, атрыманае ад наведвання мемарыяла, нагадвае мне словы са Статута ЮНЕСКА: ”Паколькі войны пачынаюцца ва ўсведамленні людзей, дык іменна ва ўсведамленні людзей трэба ствараць абарону міру”. Давайце пачнем такую работу з дзецьмі, таму што дзеці – гэта заўтрашняя памяць».
Насум А.Бег – ЮНЕСКА (Пакістан)

Водзывы аб фотадакументальнай экспазіцыі «Хатынь»:

«У гэтым невялікім музеі – Чырвоная старонка Белай зямлі нашай. Кожны экспанат – дзень або гадзіна, імгненне або застылы стан трагедыі і бясконцай веры ў светлы лёс свайго народа.. У кожным позірку кожнай фатаграфіі адлюстроўваецца праз Чалавека прыгажосць зямлі беларускай. Мы павінны памятаць...»
Леанід Левін, лаўрэат Ленінскай прэміі, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, акадэмік Акадэміі архітэктуры, адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь»
2005 г.

«Стваральнікам унікальнага музея памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, нацызму – з найглыбейшай удзячнасцю за вашу высакародную, самаадданую працу!
Тое, што Вы зрабілі і робіце, мае неацэннае значэнне. Стойкасць народа Беларусі ў страшную пару Вялікай Айчыннай вайны застанецца ў вяках»

Доктар гістарычных навук, прафесар Расійскай акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, галоўны рэдактар часопіса «Гістарычны архіў» А. Чарнабаеў
2004 г.

«Рада, што ў дапаўненне да мемарыяльнга комплексу створана такая фотаэкспазіцыя, якая расказвае аб ахвярах і беларускага народа.. Усе людзі зямлі павінны аб гэтым ведаць, помніць і жыць так, каб падобнае больш ніколі не адбывалася на нашай Зямлі».
Народжаная ў Беларусі жыхарка Іркуцка К.Іванкіна
2004 г.

«Дзякуй народу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнту пану Лукашэнку за памяць аб загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне».
Сям’я Барысавых з Латвіі
2004 г.

«Вялікая ўдзячнасць стваральнікам такога музея. Гэта неабходна нашым дзецям, унукам, праўнукам. Помніць гісторыю, ведаць яе мы павінны для захавання нашай славянскай народнасці».
Каровіна Р.Л., г. Іжэўск
2004 г.

«Мы з Эстоніі, дзе помнікі знішчаюцца, а тут мы ўзрушаны ўбачаным. Тут хочацца маўчаць і помніць».
2004 г.

«Матэрыялы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, аказваюць моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на ўсіх, хто з імі знаёміўся. Маладое пакаленне абавязкова павінна ведаць аб тым, што перанеслі людзі нашай Беларусі. Вялікае дзякуй тым, хто падрыхтаваў матэрыялы для стварэння гэтага музея».
Вучні і настаўнікі СШ №19 г. Баранавічы
2004 г.

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead