русская версия      English version      Deutsch Version

Філіялы ДМК "Хатынь"

   Версія для друку

“Дальва” – мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Дальва. Знаходзіцца на 77-м км шашы Мінск-Віцебск, на месцы колішняй вёскі Дальва Лагойскага (былога Плешчаніцкага) раёна Мінскай вобласці. 19 ліпеня 1944 г. вёска была спалена разам з жыхарамі. У агні пажару загінулі 44 чалавекі, у тым ліку 29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчыны.

У 1955 г. на месцы брацкай магілы астанкаў жыхароў былой вёскі пастаўлены помнік. У 1963 г. яго замянілі на абеліск з пяціканцовай зоркай. А ў 1972 г. у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце аб’явілі конкурс на лепшы праект помніка вёсцы Дальва. Пераможцам стаў трэццякурснік аддзялення скульптуры мастацкага факультэта,  выхаванец народнага мастака Беларусі скульптара А.А. Бембеля – Уладзмір Церабун. Праект стаў яго дыпломнай работай.

Мемарыял “Дальва” будаваўся на грамадскіх пачатках, на сродкі, сабраныя ад канцэртнай дзейнасці творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, ваеннаслужачых і ахвяраванняў грамадскіх арганізацый. Ініцыятарам гэтай работы быў адзіны сведка трагедыі вёскі Дальва Мікалай Пятровіч Гірыловіч, які ўсё жыццё прысвяціў захаванню памяці аб аднавяскоўцах.

Адкрыты 15 ліпеня 1973 г. комплекс мае планіроўку былой вёскі Дальва. Кампазіцыя мемарыяла складаецца з асобных элементаў, свабодна размешчаных на прасторы і займае плошчу 5 га.

У 2009 годзе  на  тэрыторыі  мемарыяла створана новая экспазіцыя  «Дальва: гераізм, трагедыя, міласэрнасць», дзе сабраны архіўныя фотаздымкі і дакументы, якія расказваюць аб гісторыі вёскі пачынаючы з канца XVII стагоддзя.

Мемарыяльны комплекс “Дальва” уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.          

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead