русская версия      English version      Deutsch Version

Філіялы ДМК "Хатынь"

   Версія для друку

Мікалай Пятровіч Гірыловіч нарадзіўся ў 1931г. у сялянскай сям’і ў вёсцы Дальва Лагойскага (былога Плешчаніцкага) раёна.

Мікалай Пятровіч — чалавек складанага лёсу. У дзяцінстве мірнае жыццё ў глухой вёсцы, у добрай дружнай сялянскай сям’і. Потым — вайна, у якой прымаў удзел падлетак Коля, і амаль на яго вачах жудасная смерць родных і блізкіх. 19 чэрвеня 1944 года фашысты спалілі яго родную вёску з жыхарамі. У полымі загінулі яго бацька, маці і трое малодшых братоў. Мікалай Гірыловіч цудам застаўся ў жывых.

У маі 1945 г. пасля заканчэння Астроўскай пачатковай школы Лагойскага раёна ён паступіў у вучылішча сувязі № 15 ў горадзе Мінску.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1947 г. і да прызыву ў армію працаваў у органах Міністэрства сувязі ў Мінску і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе працоўнай моладзі.

У 1951 г. быў прызваны на вайсковую службу ў Ленінградскую ваенную акругу (г. Пскоў). Пачаў радавым салдатам-сувязістам. Затым стаў высокакваліфікаваным спецыялістам — радзістам 1-га класа, малодшым камандзірам. Быў узнагароджаны граматай за выдатную службу.

Мікалай Пятровіч вярнуўся ў Мінск афіцэрам запаса. Працаваў тэхнікам дальняй сувязі на Мінскай міжгародняй тэлефоннай станцыі, дзе хутка быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі. Хадзіў у школу працоўнай моладзі і ў 1957 годзе, калі скончыў 10 клас, паступіў у Маскоўскі Усесаюзны завочны электратэхнічны інстытут сувязі.

У 1958 г. быў запрошаны на работу ў Камітэт дзяржбяспекі, дзе працаваў па спецыяльнасці.

У 1962 г. прыйшоў на беларускае радыё. Быў інжынерам, а затым кіраўніком апаратна-студыйнага комплекса. За час своёй працы ён шмат зрабіў для развіцця і тэхнічнага ўдасканалення радыёвяшчання рэспублікі.

За добрасумленную працу Мікалай Пятровіч Гірыловіч неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам Дзяржтэлерадыё БССР. Ён быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1982 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Ганаровы сувязіст Беларусі». Узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны» II ступені, «Знак Гонару» і 12 медалямі.

У 2006 г. выбраны ганаровым грамадзянінам г. Лагойска.

Усё сваё жыццё Мікалай Пятровіч быў перакананы: Бог захаваў яму жыццё, каб было каму расказаць аб зверствах фашыстаў.

30 чэрвеня 1969 г. М.П. Гірыловіч прывёз зямлю роднай вёскі на «Могілкі вёсак» мемарыяльнага комплекса «Хатынь». Тады і з'явілася ідэя ўвекавечыць памяць Дальвы — стварыць мемарыяльны комплекс «Дальва».

Для захавання памяці пра Дальву М.П. Гірыловіч напісаў кнігу «Дальва — сястра Хатыні», у 2005 г. буклет «Дальва — сястра Хатыні», у 2006 г. — буклет «Мемарыяльны комплекс «Дальва».

Всё яго жыццё — гэта самаадданая праца па захаванні памяці пра сваіх трагічна загінуўшых бацьках, родных, аднавяскоўцах. Ён рабіў усё, што ад яго залежала, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны. У сваіх выступленнях прыводзіў наступныя словы:

Эта память — верьте люди,

Всей земле нужна.

Если мы войну забудем -

Вновь придет война.

Сімвалічна, что за некалькі дзён да сваёй смерці ў 2006 годзе, М.П.Гірыловіч у апошні раз наведаў Дальву, пасядзеў на тым месцы, дзе стаяў яго дом, і дзе ён нарадзіўся.

Словы Ульяна Терабуна падводзяць рысу пад усім яго жыццём:

З людзьмі спалілі тваю Дальву,

Што паўтарыла лёс Хатыні.

Зрабіў ты ўсё, каб мы ніколі

Пра тое гора не забылі. . .


зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead