русская версия      English version      Deutsch Version

Палітыка генацыду

   Версія для друку

Некаторыя меркаванні рэйхсфюрэра СС Гімлера аб абыходжанні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей

Не пазней 25 мая 1940 г.
Вельмі сакрэтна.
Дзяржаўнай важнасці!

Пры абыходжанні з мясцовым насельніцтвам усходніх абласцей мы павінны зыходзіць з таго, што нам прыйдзецца прызнаць па магчымасці больш асобных народнасцей і ўсталяваць свае адносіны да іх, г. зн. побач з палякамі і яўрэямі мы павінны падумаць аб украінцах, беларусах, гараках, лемках і кашубах, а таксама аб іншых народнасцях, з якімі нам, напэўна, прыйдзецца мець справу.

Гэтым я хачу сказаць, што мы ў вышэйшай ступені зацікаўлены ў тым, каб ні ў якім выпадку не аб’ядноўваць народы ўсходніх абласцей, а наадварот, раздзяляць іх на магчыма дробныя галіны і групы. Што датычыць асобных народнасцей, мы не збіраемся імкнуцца да іх аб’яднання і павелічэння, тым больш да паступовага засваення імі нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай культуры. Наадварот, мы зацікаўлены ў раздробленасці іх на шматлікія дробныя групы...

Я спадзяюся, што нам удасца поўнасцю знішчыць паняцце “яўрэі”, таму што існуе магчымасць масавага перасялення ўсіх яўрэяў у Афрыку або ў якую-небудзь іншую калонію. Трохі больш часу спатрэбіцца для таго, каб на нашай тэрыторыі зніклі такія народнасці, як украінцы, гаракі і лемкі. Усё, што было сказана аб гэтых асобных народнасцях, яшчэ ў большай ступені датычыць палякаў.

Прынцыповым пытаннем у вырашэнні ўсіх гэтых праблем з’яўляецца пытанне аб сістэме адукацыі і тым самым – адборы і фільтраванні моладзі. Для не нямецкага насельніцтва ўсходніх абласцей не павінна быць вышэйшых школ. Для яго дастаткова чатырохкласнай народнай школы. Мэтай абучэння ў гэтай народнай школе павінна быць толькі: простае лічэнне, самае вялікае да 500, уменне распісацца, унушэнне, што боская запаведзь заключаецца ў тым, каб падпарадкавацца немцам, быць чэсным, старанным і паслухмяным. Уменне чытаць я лічу непатрэбным.

Акрамя школы гэтага тыпу ва ўсходніх абласцях не павінна быць больш наогул ніякіх школ ...

[16, c. 21-22]

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead