русская версия      English version      Deutsch Version

Палітыка генацыду

   Версія для друку

АЗАРЫЧЫ, Калінкавіцкі раён

Адна з трагічных старонак гісторыі беларускага народа – выпрабаванні, што выпалі на долю вязняў Азарыцкага лагера.

Крывавы след злачынстваў, звязаны са стварэннем і функцыяніраваннем лагераў смерці, пакінуў на зямлі Беларусі і вермахт.

У 1944 годзе камандаванне вермахта шырока прымяняла практыку выкарыстання грамадзянскага насельніцтва ў якасці прыкрыцця (заслоны) на шляху наступлення савецкіх войск. Звычайна каля пярэдняй лініі абароны гітлераўцы абносілі калючым дротам у некалькі радоў вялікія ўчасткі зямлі, заганялі туды жанчын, дзяцей, старых, трымалі іх пад моцнай аховай без жылля, ежы і вады. Наўмысна сюды змяшчалі хворых сыпным тыфам і іншымі інфекцыйнымі хваробамі.

У сакавіку 1944 г. у адпаведнасці з загадамі і распараджэннямі камандуючага 9-й арміяй генерала Ёзафа Харцэ, камандзіра 56-га танкавага корпуса генерала Фрыдрыха Гасбаха і камандзіра 35-й пяхотнай дывізіі генерала Георга Рыхерта каля пярэдняга краю нямецкай абароны былі створаны тры лагеры.

Вязні Азарыцкага лагера смерці. Фотаздымкі зроблены пасля вызвалення. Сакавік 1944 г.

Адзін з іх знаходзіўся на балоце каля пасёлка Дзерць, другі – за два кіламетры на паўночны захад ад мястэчка Азарычы, трэці – за два кіламетры на захад ад вёскі Падасіннік у балоце. У канцы лютага – пачатку сакавіка 1944 года гітлераўцы сагналі сюды больш за 50 тысяч непрацаздольных грамадзян Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Гэтыя тры лагеры атрымалі назву «Азарыцкі лагер смерці».

Лагеры гэтыя былі нічым не абсталяваныя рэдкалесыя забалочаныя тэрыторыі, абнесеныя калючым дротам. Падыходы замініраваны, вакол стаялі кулямётныя вышкі. Людзі размяшчаліся на зямлі. Ніякіх пабудоў, элементарных прыстасаванняў для жылля не было. Будаваць шалашы, разводзіць вогнішчы катэгарычна забаранялася. У лагерах людзей нічым не кармілі, не давалі пітной вады. Вязні не атрымлівалі ніякай медыцынскай дапамогі. Наадварот, з бліжэйшых населеных пунктаў у лагеры звозілі хворых сыпным тыфам, якіх перакідвалі на тэрыторыю лагера. Кожны дзень, а тым больш ноч забіралі сотні чалавечых жыццяў. З лютай жорсткасцю знішчалі дзяцей, сярод вязняў іх было больш за палову. Яны гінулі першымі. Памерлыя заставаліся непахаванымі.

18 – 19 сакавіка 1944 года войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронта вызвалілі з Азарыцкіх лагераў 33 480 чалавек, з іх 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў.

Падобны лагер быў створаны ў чэрвені 1944 года на ўсходнім беразе Дняпра; у ім знаходзілася звыш 3000 чалавек мірных жыхароў, сагнаных з Магілёва і бліжэйшых населеных пунктаў. Такі ж лагер смерці быў на паўночным усходзе ад Віцебска. Воіны 3-га Беларускага фронта вызвалілі з яго каля 8 тысяч мірных жыхароў.

Ствараючы канцлагеры каля пярэдняга краю абароны, фашысты выбіралі такія месцы, дзе не спадзяваліся ўтрымаць свае пазіцыі, выкарыстоўвалі лагеры ў якасці заслоны пры наступленні Чырвонай Арміі. Заражаючы вязняў, імкнуліся распаўсюдзіць эпідэмію ў перадавых часцях Чырвонай Арміі і сарваць яе далейшае наступленне.

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead