русская версия      English version      Deutsch Version

Палітыка генацыду

   Версія для друку

ТРАСЦЯНЕЦ

Дэпартацыя грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці з краін Заходняй Еўропы

Буйнейшым лагерам смерці на тэрыторыі Беларусі быў Малы Трасцянец, створаны СД у наваколлі Мінска. У Трасцянцы фашысты знішчалі мірных жыхароў, ваеннапалонных, грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці з Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі.

Канцэнтрацыйны лагер быў створаны восенню 1941 года. Назва «Трасцянец» аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей:
урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў;
уласна лагер —побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска па Магілёўскай шашы;
урочышча Шашкоўка — месца масавага спалення людзей.

Масавыя расстрэлы зняволеных

Масавыя расстрэлы зняволеных чыніліся ва ўрочышчы Благаўшчына.

Расстрэльвалі каля зараней падрыхтаваных доўгіх равоў, трупы закопвалі і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам.

Астанкі апошніх ахвяр Трасцянца, спаленых на штабелі бярвенняў 29 чэрвеня 1944 г.

Восенню 1943 года, калі стаў відавочны вынік вайны, гітлераўцы пачалі знішчаць сляды сваіх злачынстваў. Асобая каманда СС, карыстаючыся працай вязняў Мінскай турмы, раскапала і спаліла ў лістападзе — снежні 1943 года каля 100 тыс. трупаў расстраляных ва ўрочышчы Благаўшчына людзей. Жыхары бліжэйшых вёсак павінны былі даставіць да прызначанага месца некалькі тысяч кубаметраў дроў.

Медыцынскія эксперты за работай па расследаванню злачынстваў гітлераўцаў у Трасцянцы. 1944 год.

У ліпені 1944 года Мінскай абласной камісіяй садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ў час правядзення расследаванняў злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Благаўшчыне былі знойдзены 34 ямы-магілы. Некаторыя з іх дасягалі ў даўжыню 50 метраў. Калі ўскрылі некалькі магіл, на глыбіні трох метраў знайшлі абвугленыя чалавечыя косці і слой попелу таўшчынёй ад 0,5 да 1 метра.

Страшнае сведчанне злачынстваў фашыстаў. Трасцянец. 1944 год.

У 34 ямах-магілах урочышча Благаўшчына пахавана 150 тысяч чалавек.

Шашкоўка

Восенню 1943 года за паўкіламетра ад вёскі Малы Трасцянец гітлераўцы пабудавалі печ для спальвання трупаў расстраляных людзей. Яна ўяўляла сабой выкапаную ў зямлі яму з пакатым падыходам да яе. На дне ямы былі пакладзены паралельна шэсць рэльсаў даўжынёй 10 метраў, зверху рэльсаў – жалезная рашотка. Месца, дзе знаходзілася печ, было абнесена калючым дротам і ахоўвалася. Да печы быў зроблены спецыяльны спуск для аўтамашын. Ахвяр дастаўлялі або ў крытых грузавіках, спецыяльна абсталяваных для забойства людзей газам ("душагубках"), або на адкрытых машынах з прычэпамі. Печ працавала штодзённа.

Штабель бярвёнаў са спаленымі людзьмі. Трасцянец. 1944 г.

У печы ва ўрочышчы Шашкоўка было спалена 50 тысяч человек.

Малы Трасцянец

У канцы чэрвеня 1944 года, за некалькі дзён да вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй, на тэрыторыі лагера Трасцянец ў былым калгасным гумне было расстраляна, а потым спалена 6500 зняволеных, прывезеных з турмы па вуліцы Валадарскага і лагера па вуліцы Шырокай горада Мінска.

Усяго ў Трасцянцы фашысты замучылі, расстралялі, спалілі звыш 206 500 грамадзян.

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead