русская версия      English version      Deutsch Version

Палітыка генацыду

   Версія для друку

«Генацыд – адзін з найцяжэйшых відаў злачынства супраць чалавецтва, накіраваны на знішчэнне поўнасцю або часткова якой-небудзь нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы».

У масавых маштабах злачынствы генацыду гітлераўцы ажыццяўлялі ў перыяд Другой сусветнай вайны ў акупіраваных краінах, асабліва супраць славянскага (рускага, беларускага, украінскага, чэшскага, польскага, сербскага) і яўрэйскага насельніцтва.

Мільёны людзей розных нацыянальнасцей былі знішчаны нацыстамі ў лагерах смерці, турмах, у час правядзення карных аперацый. Расправы над насельніцтвам былі часткай планамернага выканання праграмы акупантаў па вынішчэнню славянскага насельніцтва і скарачэнню яго біялагічнага патэнцыялу.

У жніўні 1945 года краіны антыгітлераўскай кааліцыі – СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя падпісалі ў Лондане Пагадненне па пытанню судовага праследавання і пакарання галоўных ваенных злачынцаў. 20 лістапада 1945 года вышэйшыя дзяржаўныя і ваенныя дзеячы фашысцкай Германіі паўсталі перад Міжнародным Ваенным трыбуналам у Нюрнбергу. Трыбунал прызнаў злачыннымі кіруючы састаў нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі, ахоўныя атрады (СС) гэтай партыі, дзяржаўную тайную паліцыю (гестапа). Нюрнбергскі працэс выкрыў сутнасць германскага фашызму, яго планы заваёвы панавання ва ўсім свеце, знішчэння цэлых дзяржаў і народаў, небяспеку адраджэння фашызму ў любой форме. Працэс увайшоў у гісторыю як сапраўдны Суд Народаў.

Генеральная Асамблея ААН 11 снежня 1946 года пацвердзіла прынцыпы міжнароднага права, прызнаныя Статутам Трыбунала. ААН, паўнапраўным членам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, прызнала, што агрэсіўная вайна, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці – гэта найцяжэйшыя міжнародныя злачынствы. Значнае месца ў абвінавачваннях фашызму займалі матэрыялы і дакументы аб злачынствах, якія фашысты здзейснілі на тэрыторыі Беларусі.

У адпаведнсці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 3 снежня 1973 года ўсе ваенныя злачынцы ў выпадку прызнання іх вінаватымі падлягаюць вышуку, арышту, судовай адказнасці і пакаранню. На ваенных злачынцаў не распаўсюджваюцца тэрміны даўнасці, ім не прадастаўляецца права прыстанішча.

зваротная сувязькарта сайта © 2005 ДМК «Хатынь»
Распрацоўка сайта — Pixelhead