Наведвальнікам пакажуць частку творчай спадчыны архітэктара - работы перыяду з канца 1960-х да 2014 года, макеты помнікаў, асабістыя рэчы. Побач з кожным экспанатам размесцяць планшэты, дзе можна будзе прачытаць выказванні Леаніда Левіна аб сваіх работах. Запланавана дэманстрацыя дакументальнага фільма пра архітэктара "Маналог".
Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі "Хатыні" сумесна з творчай майстэрняй Леаніда Левіна і яго сям'ёй і прымеркавана да 50-годдзя з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу. У сакавіку былі прэзентаваны творчыя праекты архітэктара Валянціна Занковіча, на працягу года адкрыюцца выставы архітэктара Юрыя Градава і скульптара Сяргея Селіханава, якія разам з Леанідам Левіным прынялі ўдзел у стварэнні мемарыяла.
Леанід Левін - вядомы архітэктар і грамадскі дзеяч. Яго імя шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён прыклаў руку да ўзвядзення мемарыяльных комплексаў "Хатынь", "Трасцянец", "Прарыў", "Праклён фашызму", "Шталаг-342", "Яма", "Памяць", помнікаў загінулым яўрэям Гарадзейскага гета, дзецям-ахвярам вайны ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, вязням гета ў Слуцку.
Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылося 5 ліпеня 1969 года. Мемарыял устаноўлены на месцы вёскі, знішчанай 22 сакавіка 1943 года карным атрадам у якасці помсты за забойства некалькіх нямецкіх ваеннаслужачых. 149 жыхароў Хатыні былі спалены жывымі і расстраляны. Хатынь стала сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва нацыстамі на акупіраванай тэрыторыі СССР.