Гісторыя вёскі Хатынь
Ніхто дакладна не ведае, калі менавіта з'явілася вёска Хатынь. Але ўпершыню ў пісьмовых крыніцах Хатынь згадваецца ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Да сяр. XVI стагоддзя тэрыторыя Хатыні і іншых суседніх вёсак (Губа, Слагавішча) належала служылым татарам ВКЛ. Што рабілі татары на гэтых землях? Яны выконвалі абавязкі ваеннай службы. Сяліліся тут яшчэ з часоў князя Вітаўта.
У ліпені 1551 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст дараваў прывілей Мінскаму старасце, ваўкавыскаму дзяржаўцу і смаленскаму ваяводзе пану Васілю Тышкевічу на набыццё ў татараў Фурса Юхновіча і Шэйха Амбекавіча "землі і палацы" ў Піліпавічах, Слагавішчы і Хатыні. Пачынаючы з гэтага года род Тышкевічаў валодаў гэтымі землямі больш за 350 гадоў.
Васіль Тышкевіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага
У 1566 годзе Лагойск, Слагавішча і Хатынь былі аднесены да віленскага каталіцкага капітула. Хатынь назвалі вёскай (паселішча, якое мае царкву або капліцу).
У 1569 Жыгімонт Аўгуст за выдатную руплівую службу і выдатныя подзвігі ўзвёў Васіля Тышкевіча ў спадчынную графскую годнасць з прысваеннем яму і яго нашчадкам права карыстацца гэтым тытулам, ужываць герб Ляліва і распаўсюджваць гэты тытул на маёнтак Лагойск.
Лагойск на некалькі стагоддзяў стаў рэзідэнцыяй графаў Тышкевічаў, старадаўняга шляхецкага роду Тышкевічаў, які даў беларускай зямлі цэлую плеяду палкаводцаў і дыпламатаў, палітыкаў і навукоўцаў.
У сярэдзіне XVI стагоддзя Хатынь налічвала 13 "службаў". У тыя часы "служба" складалася з 2-3 і больш "дымоў".
Асноўным відам дзейнасці былі паляванне, бортніцтва, здабыча воску. Сяляне здавалі ўладальнікам зямлі даніну — 20 пудоў мёду і неслі грашовую павіннасць.
"Крывавы патоп" сярэдзіны XVIІІ стагоддзя быў спусташальным. Ад маёнтка Хатынь застаўся ўсяго толькі адзін "дым".
Паводле звестак 1763 года Хатынь уваходзіла ў парафію грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы Святога Мікалая Лагойскага дэканата.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) разам з землямі Мінскага ваяводства ВКЛ у склад Расійскай імперыі ўвайшла і Хатынь.
У канцы XVIІІ стагоддзя ў Хатыні была пабудавана драўляная грэка-каталіцкая царква Нараджэння Дзевы Марыі. Храм асвяцілі 6 лістапада 1794 года. Пасля ліквідацыі ў 1839 годзе ўніі і пераводу грэка-каталікоў у праваслаўе ў Хатыні знаходзілася царква Раства Багародзіцы. Сярод вернікаў налічвалася 25 мужчын і 25 жанчын.
3D-мадэль царквы Раства Багародзіцы (канец XVIII стагоддзя)
Побач з царквой стаяла званіца на чатырох слупах, пакрытая дранкай, з трыма званамі вагой 50, 30 і 23 фунта (адпаведна 22,7, 13,6 і 10,4 кг) і старадаўнія могілкі. І цяпер захоўваюцца каменныя надмагіллі XVI-XVIІ ст. з ледзь адрознымі надпісамі, прысадзістыя крыжы з адтулінамі (відавочна зробленыя з адслужыўшых свой век жорнаў), некалькі магіл ахвяр трагедыі 22 сакавіка 1943 года, адзінкавыя пасляваенныя пахаванні.
Каменныя надмагіллі XVI-XVII стст.
У 1816 годзе колькасць сялян у вёсцы складала 63 чалавекі (32 мужчыны і 31 жанчына). 23 верасня 1842 года ў Хатыні налічвалася 35 сялян мужчынскага полу і 34 — жаночага. У выкупным акце сялянамі зямлі з Лагойскага маёнтка ў 1864 годзе ў вёсцы Хатынь налічвалася 7 двароў (сялянскіх гаспадарак). У дакументах згадваюцца наступныя прозвішчы — Баранаўскія, Жалабковічы, Юрцэвічы, Мірановічы. У ХІХ стагоддзі ў вёсцы жыло больш за 120 чалавек. Спіс за 1909 год дае інфармацыю, што ў вёсцы жылі 87 чалавек. У перыяд правядзення калектывізацыі, у 1935 годзе жыхары вёскі Хатынь далучыліся да калгаса "Чырвоная зорка".
22 сакавіка 1943 года падчас карнай аперацыі вёска Хатынь была спалена гітлераўцамі разам з усімі яе жыхарамі.