Артур Гарыевіч Зельскі нарадзіўся 5 лютага 1969 года ў горадзе Мінску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1995). Працаваў настаўнікам ліцэйскіх класаў, загадчыкам музея гісторыі БДУ. Супрацоўнік цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Аўтар больш за 150 навуковых артыкулаў і манаграфій (у тым ліку "Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў", 2001; "Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна", 2004; "Шчыт і меч Айчыны", 2006 (у суаўтарстве); "Фелікс Дзяржынскі: рыцар рэвалюцыі", 2007; "Памяць у сэрцы стукае", 2010; "Хатынь. Святыня нацыянальнай памяці", 2011; "Хатынь.Трагедыя беларускага народа", 2018; "Мiнск зачараваны: казкі, паданні i легенды", 2022).
Быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, удастоены падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, меў ганаровыя граматы кіраўніцтва камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны граматай Выканаўчага камітэта СНД за значны асабісты ўклад у развіццё гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД і захаванне гістарычнай памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.
Прымаў удзел у стварэнні Музея гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1996), гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь (2007), музея кіравання ваеннай контрразведкі Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь (2010).
З 2010 года Артур Гарыевіч узначальваў дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь". За гэтыя гады была праведзена вялікая работа па захаванні мемарыяльнага комплексу як помніка гісторыі: адноўлена Хатынская царква, усталяваны паклонны крыж, праведзена маштабная рэканструкцыя мемарыяльнага ансамбля, пабудаваны новы музей, які ўвекавечыў памяць аб трагічных старонках гісторыі і падарыў сучаснаму пакаленню магчымасць дакрануцца да мінулага. Аўтарам ідэі і канцэпцыі музея выступіў Артур Гарыевіч Зельскі. Пад яго кіраўніцтвам тут праводзілася навукова-даследчая і культурна-асветніцкая рбота, накіраваная на захаванне гістарычнай памяці.
Артур Гарыевіч быў чалавекам з вялікім сэрцам, заўсёды гатовым падзяліцца сваім вопытам, дапамагчы саветам і падтрымаць у цяжкую хвіліну. Яго калегі, вучні і сябры заўсёды адзначалі яго шчырасць і мудрасць. Памяць пра Артура Гарыевіча Зельскага застанецца ў сэрцах усіх, хто ведаў і цаніў яго. Яго сыход - незаменная страта для ўсіх, хто працаваў з ім.
Мы выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Артура Гарыевіча Зельскага. Няхай памяць пра яго жыве ў яго кнігах, у нашых сэрцах.