Гісторыя беларускага кінематографа пачынаецца 17 снежня 1924 года, калі Савет Народных Камісараў БССР падпісаў пастанову "Аб кінавытворчасці ў Беларусі". Згодна з гэтым дакументам было створана Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па кіно і фотаздымцы — Белдзяржкіно. За сто гадоў айчыннае кіно прайшло доўгі шлях — ад першых хронік і нямых фільмаў да сучасных мастацкіх, дакументальных і анімацыйных, адлюстроўваючых гістарычныя, ваенныя, сацыяльныя і культурныя аспекты жыцця нашай краіны.
Экскурсію па музеі правяла Іванова Вольга Уладзіміраўна, навуковы супрацоўнік. Дзякуючы яе захопленаму апавяданню супрацоўнікі комплексу даведаліся пра мноства цікавых фактаў аб станаўленні і развіцці беларускага кіно. Удзельнікі экскурсіі пазнаёміліся з унікальнымі экспанатамі: арыгінальнымі эскізамі да фільмаў, рэдкімі кадрамі са здымачных пляцовак, кінаплакатамі, кінакамерамі, а таксама з відэамантажным сталом, які выкарыстоўваўся аж да 1990-х. Супрацоўнікам прадэманстравалі работу гэтага механізма і падрабязна расказалі пра складаную і творчую прафесію мантажора.
Адметнай асаблівасцю музея з'яўляецца не толькі багатая экспазіцыя, але і наяўнасць кіназалы і сінематэкі — калекцыі беларускіх фільмаў. Менавіта тут супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу "Хатынь" паглядзелі фільм "Дэманстратар" — першую частку кінатрылогіі, падрыхтаванай да 100-гадовага юбілею беларускага кіно. Стужка расказвае аб зараджэнні нацыянальнага кінематографа ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя і аб цяжкіх, але натхняльных кроках на шляху яго станаўлення.
Асобную цікавасць выклікала гісторыя самога будынка музея. Пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, ён змяніў мноства ўладальнікаў — ад прыватных асоб да розных дзяржаўных устаноў. Ходзяць нават чуткі, што ў старадаўніх сценах жыве прывід — яшчэ адна нагода зазірнуць у гэтае атмасфернае месца.
Наведванне музея стала для супрацоўнікаў мемарыяльнага комплексу "Хатынь" не толькі магчымасцю пашырыць прафесійныя веды, але і атрымаць натхненне ад багатай культурнай спадчыны краіны. Такія сустрэчы спрыяюць абмену досведам і ўмацоўваюць сувязь паміж рознымі ўстановамі, якія працуюць у сферы захавання гістарычнай памяці.