Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

24 ліпеня 2026 года ў Хатыні адкрыецца выстава "Леанід Левін. Імгненне"

17.07.2026

Да 90-годдзя з дня нараджэння Леаніда Мендзелевіча Левіна

"Пачакай, Час. І ты сам усё зразумееш"

Леанід Левін. "Хатынь"

Да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага архітэктара, мастака, пісьменніка і грамадскага дзеяча Леаніда Мендзелевіча Левіна ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь" адкрываецца выстава "Леанід Левін. Імгненне".

Імя Леаніда Левіна непарыўна звязана з захаваннем гістарычнай памяці Беларусі. Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Ленінскай прэміі і двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ён з'яўляецца аўтарам знакавых мемарыялаў і архітэктурных ансамбляў, якія сталі сімваламі нацыянальнай самасвядомасці. Сярод яго найбольш вядомых работ - мемарыяльны комплекс "Хатынь", мемарыял "Яма", мемарыяльны комплекс "Дзецям — ахвярам вайны" ў Чырвоным Беразе, праекты рэканструкцыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада і гістарычнай Нямігі, станцыі мінскага метрапалітэна і многія іншыя аб'екты.

Выстава "Леанід Левін. Імгненні" прапануе пазнаёміцца з Леанідам Левіным не толькі як з выбітным архітэктарам, але і як з тонкім мастаком, пісьменнікам і паэтам.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць графічныя работы майстра, створаныя падчас шматлікіх паездак па Беларусі. Старыя вуліцы, вясковыя дамы, гарадскія дворыкі, помнікі архітэктуры, прыродныя пейзажы — гэтыя замалёўкі раскрываюць асаблівы погляд аўтара на навакольны свет. Яны напоўнены ўвагай да дэталяў, павагай да гістарычнага асяроддзя і шчырай любоўю да роднай зямлі. Для Леаніда Левіна малюнак быў спосабам захаваць імгненне, якое ўжо заўтра можа стаць гісторыяй.

Менавіта таму выстава атрымала назву "Iмгненні" — паводле аднайменнага паэтычнага зборніка аўтара. Кожнае імгненне, захаванае алоўкам, словам або увасобленае ў архітэктуры, становіцца часткай агульнай памяці, якая злучае мінулае, сучаснасць і будучыню.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі Леаніда Левіна: аўтабіяграфічная аповесць "Хатынь", творы "Вайна і каханне", "1,2,3,4...", паэтычны зборнік "Iмгненні", альбом "Перажыць перажытае". Літаратурная спадчына майстра раскрывае глыбіню яго разважанняў пра час, вайну, каханне, памяць, чалавечую годнасць і адказнасць перад мінулым і будучыняй.

Экспазіцыю дапаўняюць інфармацыйныя планшэты, якія распавядаюць пра найбольш значныя архітэктурныя праекты Леаніда Левіна, яго творчы метад, грамадскую дзейнасць і ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Выстава дазваляе ўбачыць Леаніда Левіна ва ўсёй шматграннасці яго таленту: архітэктара, стварыўшага прастору нацыянальнай памяці; мастака, які захаваў у малюнках прыгажосць беларускіх гарадоў і вёсак; пісьменніка і паэта, які пакінуў шчырыя разважанні пра час, чалавека і Радзіму.

Выстава "Леанід Левін. Імгненні" — гэта аповяд пра чалавека, які ўмеў бачыць у кожным імгненні гісторыю, у кожным доме — лёс, а ў архітэктуры — памяць народа. Яна запрашае гледачоў адкрыць для сябе малавядомыя старонкі спадчыны майстра і зноў задумацца аб каштоўнасці культурнай памяці, любові да роднай зямлі і адказнасці перад будучымі пакаленнямі.

Экспарт: