адрас:

223150 Лагойскі р-н, Мінская вобл., Беларусь

тэл.:

+375 17 74 26183 (Заказ экскурсій)

факс:

+375 17 74 55787

Viber:

+375 29 103 97 50

Дальва

“Дальва” – мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў вёскі Дальва. Знаходзіцца на 77-м км шашы Мінск-Віцебск, на месцы колішняй вёскі Дальва Лагойскага (былога Плешчаніцкага) раёна Мінскай вобласці. 19 ліпеня 1944 г. вёска была спалена разам з жыхарамі. У агні пажару загінулі 44 чалавекі, у тым ліку 29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчыны.

У 1955 г. на месцы брацкай магілы астанкаў жыхароў былой вёскі пастаўлены помнік. У 1963 г. яго замянілі на абеліск з пяціканцовай зоркай. А ў 1972 г. у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце аб’явілі конкурс на лепшы праект помніка вёсцы Дальва. Пераможцам стаў трэццякурснік аддзялення скульптуры мастацкага факультэта, выхаванец народнага мастака Беларусі скульптара А.А. Бембеля – Уладзмір Церабун. Праект стаў яго дыпломнай работай.

Мемарыял “Дальва” будаваўся на грамадскіх пачатках, на сродкі, сабраныя ад канцэртнай дзейнасці творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, ваеннаслужачых і ахвяраванняў грамадскіх арганізацый. Ініцыятарам гэтай работы быў адзіны сведка трагедыі вёскі Дальва Мікалай Пятровіч Гірыловіч, які ўсё жыццё прысвяціў захаванню памяці аб аднавяскоўцах.

Адкрыты 15 ліпеня 1973 г. комплекс мае планіроўку былой вёскі Дальва. Кампазіцыя мемарыяла складаецца з асобных элементаў, свабодна размешчаных на прасторы і займае плошчу 5 га.

У 2009 годзе на тэрыторыі мемарыяла створана новая экспазіцыя «Дальва: гераізм, трагедыя, міласэрнасць», дзе сабраны архіўныя фотаздымкі і дакументы, якія расказваюць аб гісторыі вёскі пачынаючы з канца XVII стагоддзя.

Мемарыяльны комплекс “Дальва” уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Чытаць 1552 разоў Апошняя змена 15.05.20