Галіна Левіна – архітэктар, навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Лошыцкага сядзібнага дома (да 2007 г.), аўтар першага ў рэспубліцы мемарыяльнага комплексу – алеі Праведнікаў народаў свету ў Бабруйску, будынка першай сінагогі ў сучаснай Беларусі, аўтар і сааўтар унікальных аб'ектаў архітэктурнага і манументальнага мастацтва, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.
Сёння яна з гонарам кажа пра тое, што яе настаўнікам у прафесіі і жыцці быў бацька, Леанід Левін, заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу "Хатынь".
Галіна Левіна падзялілася ўспамінамі пра свайго бацьку, пра тое, што пакінула глыбокі след у яе жыцці. Сваімі словамі яна яшчэ раз падкрэсліла значнасць захавання першароднага аблічча мемарыяльнага комплексу "Хатынь" і патлумачыла, чаму гэта так важна для нашай будучыні. Тут, у Хатыні, кожная дэталь грае вялікае значэнне. У кожнай дробязі, у кожным куточку архітэктары бачылі мастацкае рашэнне. Асабліва было адзначана, што памяць аб падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны павінна не толькі захоўвацца, але і перадавацца на годным узроўні сярод моладзі. На круглым стале абмяркоўваліся пытанні далейшага творчага супрацоўніцтва МК "Хатынь" і Галіны Левінай. Былі прапанаваны праекты сумесных мерапрыемстваў. У кнізе ганаровых наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Галіна Левіна пакінула запіс:
"Хатынь заўсёды была і застаецца асабістай гісторыяй. Глыбокай па пачуццях да лёсу Чалавека ў гады вайны. Да кожнага ўдзельніка стварэння. Уважлівай да тых, хто "ахоўвае" Хатынь, - дзякуй супрацоўнікам музея. Маё сэрца заўсёды застаецца з Хатынню".
Галіна Левіна таксама адзначыла, што памяць аб трагедыі Хатыні павінна заставацца жывой і дапамагаць захоўваць мір у сённяшнім свеце.