адрас:

223150 Лагойскі р-н, Мінская вобл., Беларусь

тэл.:

+375 17 74 26183 (Заказ экскурсій)

факс:

+375 17 74 55787

Viber:

+375 29 103 97 50

Мы памятаем. Мы смуткуем

27.01.2025

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту быў зацверджаны 1 лістапада 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН. Дата 27-га студзеня была абрана не выпадкова. Менавіта ў гэты дзень савецкія войскі вызвалілі самы буйны лагер смерці Асвенцым-Біркенаў (Польшча), які, па афіцыйных дадзеных забраў жыцці 1,4 млн людзей (па дадзеных Савецкага гісторыка Г.Д. Камкова - 4 млн), 1,1 млн з якіх - яўрэі.

У перыяд 1941–1945 гадоў ахвярамі Халакосту сталі каля шасці мільёнаў яўрэяў. На тэрыторыі акупаванай Беларусі знішчэнню падвергліся каля 800 тысяч яўрэяў - мужчын, жанчын і дзяцей. Гэтыя лічбы - не проста статыстыка, гэта мільёны чалавечых лёсаў, якія абарваліся ў віхуры жахлівай жорсткасці.

У рамках аперацыі "Канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання" нацысцкая Германія здзяйсняла масавыя забойствы ў беспрэцэдэнтных маштабах. Адным з метадаў забойства былі масавыя растрэлы, якія праводзіліся на ўскраінах вёсак, пасёлкаў і гарадоў па ўсёй Усходняй Еўропе, уключаючы Беларусь.

Пасля ўварвання Германіі ў Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года нямецкія атрады пачалі праводзіць масавыя расстрэлы мясцовых яўрэяў. Спачатку іх ахвярамі былі яўрэйскія мужчыны прызыўнога ўзросту, але да жніўня 1941 года яны пачалі масава знішчаць цэлыя яўрэйскія абшчыны. Гэтыя забойствы часта праводзіліся сярод белага дня, навідавоку ў мясцовых жыхароў.

Масавыя расстрэлы былі праведзены больш чым у 1500 гарадах, пасёлках і вёсках па ўсёй Усходняй Еўропе. Нямецкія падраздзяленні, якім было даручана знішчаць мясцовае яўрэйскае насельніцтва, рухаліся па ўсім рэгіёне, учыняючы жудасныя пагромы. Як правіла, гэтыя атрады ўваходзілі ў горад і збіралі разам усё яўрэйскае грамадзянскае насельніцтва. Затым адводзілі іх на ўскраіну горада, прымушалі капаць брацкую магілу або прыводзілі яўрэяў да загадзя падрыхтаваных брацкіх магіл. Затым нямецкія войскі і/ці мясцовыя памагатыя падраздзяленні расстрэльвалі ўсіх мужчын, жанчын і дзяцей і скідалі іх целы ў гэтыя ямы.

Немцы таксама праводзілі масавыя расстрэлы ў спецыяльных цэнтрах забойстваў, размешчаных у акупаванай Усходняй Еўропе. Адным з такіх цэнтраў быў Малы Трасцянец пад Мінскам, дзе немцы і іх мясцовыя прыхільнікі забілі дзясяткі тысяч яўрэяў з Мінскага гета. У Малым Трасцянцы тысячы людзей таксама былі забітыя ў "газвагенах".

У мемарыяльным комплексе "Хатынь" у шостай зале музея прадстаўлены ўнікальныя і страшныя артэфакты, перададзеныя пракуратурай Мінскай вобласці пасля следчых мерапрыемстваў па справе аб генацыдзе ў 2023 годзе. Гэтыя прадметы сталі маўклівымі сведкамі жахаў, якія выпалі на долю яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў - гільзы, кулі, асабістыя рэчы і прадметы хатняга ўжытку. Кожны з гэтых прадметаў захоўвае ў сабе трагічную гісторыю, звязаную з жыццём і смерцю людзей, якія загінулі падчас крывавай расправы, учыненай недалёка ад горада Лагойска, ва ўрочышчы "Іванаўшчына". Гэтае месца, часам называемае мясцовымі жыхарамі Яўрэйскімі могілкамі, захоўвае ў сабе ўспаміны пра страшную трагедыю, якая адбылася тут у канцы жніўня 1941 года.

Да вайны ў Беларусі жылі ў міры і згодзе людзі розных нацыянальнасцяў. Яны стваралі сем'і, гадавалі дзяцей, разам працавалі і адпачывалі. Аднак з пачаткам вайны мірнае жыццё было разбурана, і на беларускую зямлю прыйшлі жахі Халакоста і спаленне вёсак разам з іх жыхарамі.

Яўрэйскае насельніцтва Лагойска здаўна кампактна пражывала ў цэнтры горада, у раёне, дзе зараз размешчаны будынак райвыканкама. Ужо праз два месяцы пасля акупацыі райцэнтра нацыстамі было прынята рашэнне аб знішчэнні яўрэяў, якія жылі ў Лагойску і Гайне. У жніўні 1941 года сотні мірных жыхароў, у асноўным яўрэйскай нацыянальнасці, былі сабраны і вывезены ва ўрочышча "Іванаўшчына", дзе іх жорстка расстралялі.

Тут яны прынялі страшную смерць у адной брацкай магіле на ўзвышшы, якую мясцовыя жыхары называюць Яўрэйскімі могілкамі…

З успамінаў Леакадзіі Іванаўны Сасноўскай, жыхаркі г. Лагойска, 1927 года нараджэння: "…усіх яўрэяў сагналі на горку каля гайненскай дарогі і расстралялі... Мама мая якраз ішла з працы, калі іх гналі да ямы на горцы. Яна прыйшла дадому і нам расказвала. Яўрэйка там знаёмая ў нас вельмі добрая была. У яе двое дзетак было. Адно дзіця за сукенку трымалася, а другое яна на руках несла. А паліцай, які побач ішоў, усё падганяў іх, каб хутчэй ішлі. А дзе ж яна з двума малымі дзецьмі хутка пойдзе. Дык ён бізуном іх біў, а дзіцё гэта на руках у яе аж зайшлося ад крыку... Мы на Заазерскай жылі, а яўрэі ў цэнтры, у асноўным на Чкалаўскай, на Барысаўскай. У школу з намі яўрэйскія дзеці хадзілі. Сінагога была на плошчы, там, дзе зараз райвыканкам… Што характэрна, вельмі вялікі дождж пайшоў пасля ўсяго гэтага. А тамака жа гэтулькі іх было расстраляных, не толькі з Лагойска, але і з Гайны. Яны дрэнна прыкапаны былі, а дождж як пайшоў, дык вада ў нас у Лапенцы, ён якраз адтуль цячэ, чырвоная была ад крыві. Лапянец - гэта раўчук, які ўпадае ў Гайну, працякаў каля нашай вуліцы Заазерскай. Вялікі дождж быў, змывала ўсё з горкі і ў гэты Лапянец. Гэта я вельмі добра запомніла, што чырвоная вада была ў Лапенцы ад крыві. Тысячы чалавек там пабілі…"

Усе сведкі згадваюць, што пасля растрэлу прайшоў вельмі вялікі дождж - як быццам сама прырода аплаквала гэтых няшчасных, нявінна забітых у пяшчаным кар'еры.

Цяпер на месцы расстрэлу растуць дрэвы, а ў жніўні 1941 года быў пясчаны кар'ер, а вакол былі палі і, здавалася, акружаным людзям на адкрытай мясцовасці немагчыма прарвацца праз ачапленне і ўцячы. Але аказалася, што на месцы расстрэлу адбыўся гераічны выпадак. Не ўсе асуджаныя на смерць людзі змірыліся са сваёй доляй і здзейснілі масавыя ўцёкі. І ў выніку гэтага ўсё ж частка людзей змагла ўцячы з-пад расстрэлу. Тады выратаваліся ў ліку іншых браты Якаў і Навум Касоўскія. Пра тое, як гэта было распавёў 17-i гадовы сведка Якаў Касоўскі, які выратаваўся: "У мястэчку пражывала да вайны прыблізна 1400 яўрэяў. Мы жылі за 40 км ад Мінска і, калі пачаліся бамбёжкі, дзясяткі мінскіх яўрэяў, ратуючыся, прыехалі да нас у мястэчка. Нас было тры браты, я - семнаццацігадовы малодшы, сярэдні - з першага дня быў на фронце, Навум - старэйшы, быў са мной. 30 жніўня фашысты сабралі жыхароў мястэчка ў парку, зарэгістравалі ўсіх і выклікалі мясцовых паліцаяў… У парку, дзе цяпер пажарная, там стаяў вялікі дом, яшчэ графскі дом вялікі такі. Туды ўсіх сабралі і чакалі, пакуль прыедуць немцы... Калі ўсіх выганялі, можа, хто недзе схаваўся, але цяжка сказаць таму, што ніхто яшчэ не ведаў, што такое можа быць. Уласна, гэта першы пагром у Лагойску быў. Гэта быў суботні дзень. Надвор'е было цудоўнае, сонца... Калі фашысты ўсіх пастроiлі, яны аб'явілі, што перасяляюць нас у суседняе яўрэйскае мястэчка Гайна. Мы прайшлі кіламетр ад Лагойска і нас павярнулі ў бок кар'ера. Нам стала зразумела, што за "перасяленне" задумалі фашысты. Нам загадалі сесці, распрануцца, зняць абутак. Немцы з паліцаямі акружылі нас кальцом, а ў гэты час пачала падыходзіць калона з Гайны. Іх таксама "перасялялі". Жыхароў мястэчак заводзілі групамі ў кар'ер, і два фашысты расстрэльвалі іх з кулямётаў... Каля нас сядзеў адзін пажылы мужчына. Ён кажа: "Дзеці, чаго вы сядзіце? Уцякайце! Уцякайце!" Зброі ў нас не было ніякай, але побач з намі сядзеў цырульнік. Ён узяў з сабой брытву і разануў ёй па шыі немца, які стаяў побач. Мы пабеглі, хапляючы за сабой астатніх. Фашысты стралялі нам услед, побач падалі параненыя і забітыя нашы суседзі: старыя, жанчыны, дзеці. Да бліжэйшага ляска дабеглі ўсяго 12 чалавек, усе астатнія (каля 1500 чалавек) загінулі ў гэтым праклятым кар'еры. Сведкі казалі, што яшчэ некалькі дзён у ім варушылася зямля, з-пад якой чуліся стогны няшчасных... Потым мы дайшлі да Барысава, нам дапамаглі дастаць адзенне, ежу. У канцы сваіх пакут я трапіў у партызанскі атрад…"

Даведачна. Па выніках перапісу 1939 года ў гарадскім пасёлку Лагойск пражывала 3400 чалавек, з іх: беларусы – 2336, яўрэі – 864, іншыя нацыянальнасці - 200. З улікам сельскага насельніцтва яўрэйскай нацыянальнасці (343 чалавекі), усяго ў Лагойскім раёне пражывала на момант перапісу 1207 яўрэяў.

30 жніўня 2022 года ва ўрочышчы "Іванаўшчына" Лагойскага раёна адбылося перапахаванне астанкаў мірных жыхароў, расстраляных нацыстамі і іх памагатымі ў 1941 годзе. Паніхіду па загінуўшых здзейснілі прадстаўнікі трох рэлігійных канфесій Беларусі. Падчас жалобнай цырымоніі ў гонар бязвінных ахвяр вайны тут быў адкрыты памятны знак.

"Убачанае падчас раскопак палохае нечалавечай жорсткасцю. Гэтае месца прасякнута болем, які нельга заглушыць. Тут назаўжды застануцца сотні сем'яў, чые надзеі, мары, чыя будучыня ў адно імгненне была знішчана стрыманай рукой нацыстаў", – сказаў Андрэй Швед, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Гільзы і кулі, якія можна ўбачыць у музеі мемарыяльнага комплексу "Хатынь" нагадваюць пра расстрэлы і пакаранні смерцю, а асабістыя рэчы, якія захоўваюцца там нагадваюць пра лёсы канкрэтных людзей, чые імёны і гісторыі не павінны быць забытыя.

Мы памятаем. Мы смуткуем.

Чытаць 13 разоў

Галерэя малюнкаў