Маладым хлопцам правялі экскурсію па музеі і мемарыяльным комплексе. Яны слухалі з увагай - пра трагедыю вёскі Хатынь, пра лёсы людзей, пра тое, як няпроста было захаваць чалавечы твар у гады бесчалавечнасці. Казалі пра герояў і здраднікаў, пра выбар, які стаяў перад кожным у гады вайны, і пра тое, чаму так важна памятаць, якім коштам дасталася Перамога!
Хлопцы не заставаліся абыякавымі. Яны дзяліліся апавяданнямі пра свае родныя краі — пра мясціны на Гомельшчыне, Гродзеншчыне, дзе ў гады вайны таксама гарэлі вёскі, дзе адбываліся страшныя падзеі, якія пакінулі глыбокі след у памяці беларусаў. Многія задавалі пытанні - удумлівыя, сур'ёзныя. Было відаць: ім сапраўды важна зразумець, адчуць, усвядоміць.
Асабліва радасна было назіраць, як дзяўчынкі - выпадковыя наведвальніцы комплексу - з цікавасцю пазіралі на падцягнутых, упэўненых у сабе рабят у форме. І было ў гэтым нешта вельмі простае, чалавечае: павага, захапленне і, магчыма, нават крыху гонару за такіх вось нашых абаронцаў — моцных, выхаваных, сапраўдных!
Кожны дзень яны трэніруюцца, трымаюць сябе ў форме, вучацца быць надзейнай апорай для сваёй краіны. І ў такія моманты разумееш: гісторыя - не дзесьці там, у мінулым. Яна - у нас, у нашай памяці, ва ўчынках сённяшняга дня. А мір і спакой на беларускай зямлі сапраўды ў надзейных руках.
Мы ганарымся вамі, хлопцы. Дзякуй за службу, за неабыякавасць, за гатоўнасць стаяць на варце мiру.
"Ніхто, акрамя нас! Доўг. Гонар. Айчына." — не проста словы, а сэнс і гонар кожнага байца в/ч 3214.