Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Падарожжа да сэрца духоўнай Беларусі

04.06.2025

Напярэдадні святкавання 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, якое адбудзецца 5 чэрвеня 2025 года, супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу "Хатынь" здзейснілі паездку ў адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі — Полацк. Гэты візіт стаў не толькі магчымасцю дакрануцца да вытокаў духоўнасці і культуры нашай краіны, але і падставай зноўку адкрыць для сябе веліч гістарычных святынь.

Полацк па праве лічыцца адным з найважнейшых цэнтраў рэлігійнага і культурнага жыцця Беларусі. Тут, сярод велічных храмаў і старадаўніх вуліц, адчуваецца дыханне стагоддзяў. Асаблівае ўражанне робiць Сафійскі сабор. Кожны камень велічнага храма дыхае мінулым, а паветра нібы прасякнута малітвамі.

Цэнтральнай падзеяй паездкі стала наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра — адной з галоўных праваслаўных святынь Беларусі. Заснаваны прападобнай Еўфрасінняй Полацкай, манастыр вось ужо дзевяць стагоддзяў застаецца месцам прыцягнення для паломнікаў з усяго свету. Гэта не толькі месца веры, але і месца, дзе людзі знаходзяць суцяшэнне, падтрымку і адказ на жыццёвыя пытанні. Прападобная Еўфрасіння, нябесная заступніца Беларусі, сваім жыццём і подзвігам пакінула яркі след у гісторыі — як узор адданасці хрысціянскім ідэалам.

Юбілей манастыра — знакавая падзея, якая аб'ядноўвае не толькі праваслаўных вернікаў, але і ўсіх, каму дарагая гісторыя нашай краіны. Гэта напамін пра вялікі шлях, пройдзены беларускім народам.

Падарожжа па Полацку стала для музейных работнікаў магчымасцю не толькі дакрануцца да духоўнай спадчыны, але і адкрыць новыя грані сучаснага горада. У былым езуіцкім калегіуме супрацоўнікі мемарыяла нібы перанесліся ў часе, апынуўшыся ва ўнікальнай музейнай прасторы, дзе ўдалося пагутарыць з "механічнай галавой" філосафа Сакрата.

Полацк працягвае здзіўляць: старажытныя сцены беражліва захоўваюць сакрэты мінулага і натхняюць на будучыню. Горад, дзе суседнічаюць гісторыя, духоўнасць і інавацыі, па праву лічыцца "цэнтрам сілы" для кожнага беларуса!

Экспарт: