Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Выстава "Глядзі і памятай..."

06.07.2025

5 ліпеня 2025 года ў Мемарыяльным комплексе "Хатынь" адбылося адкрыццё выставы "Глядзі і памятай...", прымеркаванай да 40-годдзя выхаду фільма Элема Клімава "Ідзі і глядзі". Сімвалічна, што адкрыццё адбылося менавіта ў дзень, калі ў 1969 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс, які стаў нямым сведкам трагедыі і сілы памяці.

"Хатынь" — гэта месца, дзе мінулае гаворыць з намі без слоў. Выстава "Глядзі і памятай..." стала працягам гэтай памяці — мастацкім і эмацыйным дыялогам паміж пакаленнямі, напамінам пра боль, пра подзвіг, пра тое, што забываць — недапушчальна. Выставачны праект быў падрыхтаваны сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў і Музеем гісторыі беларускага кіно, філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі са здымачнай пляцоўкі, старонкі рукапісных сцэнарыяў, старыя афішы і многае іншае.

Фільм "Ідзі і глядзі" — не проста кінастужка. Гэта мастацкі дакумент, пранізлівы роздум аб трагедыі вайны, далікатнасці чалавечага жыцця і значэнні памяці. Гэты твор, які немагчыма забыць, — ён працягвае гаварыць, трывожыць, будзіць сэрцы.

На адкрыцці выставачнай экспазіцыі з прывітальнымі словамі выступіла Карпілава Антаніна Аляксееўна, загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна адзначыла ўнікальнасць фільма Элема Клімава і яго значэнне як культурнай і гістарычнай з'явы, глыбока паўплываўшай на ўспрыманне вайны многімі пакаленнямі.

У рамках мерапрыемства Антаніна Аляксееўна таксама прэзентавала сваю кнігу "Глядзі і памятай. Вялікая Айчынная вайна ў беларускім кіно". Выданне распавядае пра беларускія фільмы, прысвечаныя вайне, пра рэжысёраў, аператараў, акцёраў, майстроў анімацыі і фотадакументалістаў, якія праз экраннае мастацтва захавалі трагічныя і гераічныя старонкі гісторыі.

Сцяпанава Валянціна Аляксееўна, кіназнаўца, член Прэзідыума Беларускага саюза кінематаграфістаў падкрэсліла важнасць захавання памяці праз мастацтва і значнасць падобных выстаў для будучых пакаленняў.

Адамовіч Наталля Аляксандраўна, філолаг, музейны работнік і дачка пісьменніка Алеся Адамовіча — аўтара сцэнарыя фільма, падзялілася асабістымі ўспамінамі і распавяла аб рабоце свайго бацькі над гэтым вялікім творам.

На адкрыцці выставы Вільтоўскі Дзмітрый Сяргеевіч, дырэктар мемарыяльнага комплексу "Хатынь", уручыў падзячныя лісты студэнтам атрада "Баграціён-1" за дапамогу ў рабоце. Ён адзначыў, што ўдзел моладзі ў рабоце мемарыяла — гэта жывая сувязь часоў і ўклад у захаванне гістарычнай праўды.

У цырымоніі, прысвечанай адкрыццю выставы "Глядзі і памятай" прынялі ўдзел Іванова Вольга Уладзіміраўна, навуковы супрацоўнік Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Ганчар Андрэй Мікалаевіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Завяршаючы афіцыйную частку, гледачам быў прадстаўлены дакументальны фільм Аляксандра Яфрэмава "Аповяд пра фільм "Ідзі і глядзі" (1985) — хроніка стварэння вялікага твора, які стаў голасам цэлай эпохі.

Пасля ўрачыстай часткі адкрыцця выставы, для ганаровых гасцей правялі экскурсію па музеі і адкрытым комплексе, з наведваннем храма. Усе госці пакінулі свае пажаданні і падзякi ў кнізе ганаровых гасцей.

Мемарыяльны комплекс "Хатынь" выказвае шчырую падзяку ўсім, хто аказаў падтрымку і дапамогу ў арганізацыі выставы "Глядзі і памятай", прысвечанай 40-годдзю фільма "Ідзі і глядзі".

Выстава "Глядзі і памятай" — гэта акт памяці. Гэта голас, які гучыць скрозь дзесяцігоддзі. Гэта напамін, што памятаць — значыць жыць. А захоўваць памяць — значыць не даць злу паўтарыцца.

Памятаць — значыць жыць. Глядзі і памятай…

Экспарт: