На сценах залы размешчаны фатаграфіі, якія захавалі моманты наведвання мемарыяла з самага дня яго адкрыцця — 5 ліпеня 1969 года. За дзесяцігоддзі існавання мемарыяла яго наведалі кіраўнікі дзяржаў, ганаровыя дэлегацыі, прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій і міжнародных арганізацый з усяго свету. Гэтыя фатаграфіі сталі часткай калектыўнай памяці і сведчаннем таго, якое значэнне мемарыял "Хатынь" мае для ўсяго чалавецтва.
Сярод гэтых фатаграфій ёсць адна, якая захоўвае асаблівы сэнс. На ёй — удзельнікі "палітычнага паломніцтва", якое адбылося 28 жніўня 1989 года. Гэта былі немцы, прадстаўнікі арганізацыі "Мэннерарбайт" Евангелічнай царквы Германіі сумесна з Хрысціянскай службай міру. Яны прыехалі ў Беларусь не проста як турысты - яны прыйшлі з пакаяннем, з жаданнем сказаць: "Прабачце". Сярод іх - Андрэас Зайферт, чалавек, які ўзначальваў гэтую арганізацыю з 1985 па 1991 год.
Праз 36 гадоў, 25 чэрвеня 2025 года Андрэас Зайферт зноў вярнуўся сюды як жывы сведка таго часу. У гэты дзень ён перадаў у фонды мемарыяльнага комплексу дакумент — праграму знаходжання нямецкай дэлегацыі ў Беларусі ў 1989 годзе. А ў кнізе водзываў пакінуў словы:
"Мне тады стала відавочным і зразумелым, што мы, немцы, павінны ўзяць адказнасць за сваю гісторыю і тыя злачынствы, якія здзейсніў нямецкі Вермахт. Гэтая адказнасць адбілася ў сумеснай рабоце па прымірэнчай дзейнасці, а менавіта — у стварэнні дзіцячага цэнтра "Надзея".
У 1988 годзе ў рамках першага палітычнага паломніцтва нямецкія ўдзельнікі прыбылі ў СССР, каб асабіста выказаць раскаянне за злачынствы нацызму. Самае моцнае эмацыянальнае ўзрушэнне ў нямецкіх удзельнікаў гэтай паездкі выклікала наведванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь", створанага ў памяць аб знішчаных беларускіх вёсках.
Праз год, напярэдадні 50-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, у Беларусь зноў прыехалі больш за 70 чалавек. Гэта паломніцтва супала з іншым цяжкім часам для Беларусі - наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Тады, летам 1989 года, Беларускі Камітэт абароны міру звярнуўся да ўсіх неабыякавых з просьбай дапамагчы. Удзельнікі паломніцтва адгукнуліся аднымі з першых.
Ініцыятыўная група ў Франкфурце-на-Майне неўзабаве аформілася ў грамадскае аб'яднанне "Жыццё пасля Чарнобыля". Старшынёй гэтай арганізацыі стаў Андрэас Зайферт. Шматлікія гуманітарныя акцыі, медыцынская дапамога, экалагічны маніторынг, падтрымка дзяцей - усё гэта стала вынікам ініцыятывы, якая пачалася з візіту ў "Хатынь".
Кульмінацыяй гэтай дапамогі стала адкрыццё ў 1994 годзе дзіцячага цэнтра "Надзея" — месца, дзе дзеці, пацярпелыя ад радыяцыі, знаходзілі клопат, лячэнне і проста цёплы чалавечы ўдзел.
Дзіцячы цэнтр "Надзея", які знаходзіцца ў Вілейскім раёне і сёння атрымлівае падтрымку з боку арганізацыі, якую калісьці ўзначальваў Андрэас Зайферт, што пацвярджае глыбіню і шчырасць яго дзеянняў. Гэта не проста дабрачыннасць — гэта шлях, які пачынаецца з памяці і вядзе да міру.
У апошняй зале музея мемарыяльнага комплексу "Хатынь" перасякаюцца боль і спачуванне, раскаянне і надзея. Тут не патрэбныя гучныя словы — тут кажуць фатаграфіі, асобы, гісторыя, сэрца.
І ў гэтых сценах гучыць самы важны пасыл: Мы памятаем. Мы смуткуем. Мы імкнемся да міру!
Вашкевіч Марына, загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы.