Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Бусел у Хатыні — добры знак звыш

14.08.2025

Сёння, 14 жніўня 2025 года, у мемарыяльным комплексе "Хатынь" адбылася кранальная і сімвалічная падзея. На тэрыторыю комплексу прыляцеў бусел.

Для беларусаў бусел — не проста птушка.

Гэтая птушка — сімвал Беларусі яшчэ з тых часоў, калі нашы продкі верылі ў розных багоў. Яны думалі, што пасля смерці душа чалавека перасяляецца ў бусла і ляціць у "вырай" — нязведаны край. Па вясне чакалі вяртання птушак, працягу жыццёвага цыкла прыроды і людзей. Беларусы лічылі буслоў прадвеснікамі шчасця і дабрабыту, звязвалі з імі надзеі на папаўненне ў сям'і. З даўніх часоў жыхары вёсак майструюць спецыяльныя платформы на дахах дамоў ці слупах, каб птушкам было зручней гнездавацца. Хоць па колькасці папуляцыя бусла ў Беларусі далёка не на першым месцы, здаўна ва ўяўленні многіх людзей птушка звязана з нашай краінай. Для нас бусел — птушка-заступнік народа, чыстага душой, шчырага верай і дабром. У народным фальклоры і класічнай літаратуры белыя крылы буслоў абараняюць нашу зямлю ад злых сіл.

Беларусы ніколі не былі агрэсарамі-заваёўнікамі, не развязвалі рэлігійных войнаў і не ладзілі ганенняў. Талерантнасць, верацярпімасць, уменне зразумець іншых людзей — адметныя рысы нашага нацыянальнага характару. У літаратуры вобраз Беларусі як зямлі пад белымі крыламі ўвекавечаны ў аднайменным нарысе Уладзіміра Караткевіча.

Бусел — сімвал захавальніка хатняга ачага, веснік міру і дабра. Ён вяртаецца туды, дзе спакойна і бяспечна, а яго з'яўленне заўсёды звязваюць з добрымі зменамі.

У Хатыні, месцы смутку і памяці аб спаленых вёсках і іх жыхарах, такі візіт асабліва значны і сімвалічны. Здаецца, што сама прырода пасылае нам знак: памятаць мінулае, берагчы мiр і шанаваць жыццё.

Хай белыя крылы бусла прынясуць у кожны дом мір, дабрабыт, надзею і абарону.

Экспарт: