Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Дзіцячы боль вайны: юныя акцёры фільма "Група крыві" ў "Хатыні"

12.11.2025

Восеньскія канікулы сталі часам, калі юныя наведвальнікі з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі прыйшлі дакрануцца да гісторыі, успомніць пра лёсы дзяцей і дарослых, якія сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі і гвалту ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод наведвальнікаў апынуліся і маленькія акцёры Арцём і Ілля Мышэлавы з горада Санкт-Пецярбурга, якія выканалі ролі вязняў у фільме "Група крыві". Карціна рэжысёра Максіма Брыуса выйшла на экраны ў гэтым годзе і заснавана на рэальных падзеях.

Гісторыя лагера ў Вырыцы Гатчынскага раёна Ленінградскай вобласці — сапраўдная трагедыя. Сюжэт фільма пераносіць гледача ў лістапад 1943 года. Нацысцкімі акупантамі ў пасёлку Вырыца Ленінградскай вобласці ў былым піянерскім лагеры быў арганізаваны так званы "дзіцячы дом". Вязняў яго ўтрымліваюць у нечалавечых умовах, выкарыстоўваючы ў якасці донараў крыві для параненых нацысцкіх салдат. Голад, холад, хваробы, цяжкая праца, пакаранні, карцэр і расстрэлы за непадпарадкаванне — усё гэта было страшнай рэальнасцю ў "дзіцячым доме". Дакладна колькасць закатаваных нацыстамі ў лагеры дзяцей невядомая.

Арцём Мышэлаў сыграў ролю Вані Савельева, а Ілля Мышэлаў — Вані Афанасьева. Іх героі — дзеці, якія сталі ахвярамі нечалавечай жорсткасці.

Такія лагеры існавалі не толькі на тэрыторыі Расіі. У Беларусі былі створаны дзясяткі падобных месцаў, дзе дзяцей выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві. У "дзіцячай Хатыні" — лагеры ў Красным Беразе — праз жахі гвалту і смерці прайшлі некалькі тысяч дзяцей.

Візіт юных акцёраў з Санкт-Пецярбурга ў музей мемарыяльнага комплексу "Хатынь" стаў асаблівым. Дзеці, якія дакрануліся да страшных старонак гісторыі вайны падчас здымак фільма, змаглі ўбачыць сведчанні гэтых злачынстваў на беларускай зямлі, дзе ў гады акупацыі масава гінула мірнае насельніцтва, у тым ліку дзеці.

Генацыд — гэта не проста сухія лічбы справаздач і статыстыка загінуўшых. Гэта боль і пакуты людзей, якіх катавалі, спальвалі жыўцом, расстрэльвалі на вачах блізкіх, гэта крыкі маці, у якіх адбіралі дзяцей.

Памяць аб нявінных ахвярах вайны жыве ў сэрцах людзей, у музеях, фільмах, апавяданнях відавочцаў і нашчадкаў. Яна нагадвае: чалавечнасць пачынаецца з памяці, а забыццё — першы крок да паўтарэння зла.

Фота з архіва сям'і Мышэлавых

Экспарт: