Упершыню ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з асабістых архіваў хатынцаў: пажоўклыя ад часу фатаграфіі, напоўненыя цяплом, любоўю і чалавечай дабрынёй. Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць пасведчанні аб нараджэнні, у якіх пазначана месца нараджэння — вёска Хатынь. Калісьці гэта была невялікая, малавядомая беларуская вёсачка, а сёння — сусветна вядомы мемарыял, які нагадвае аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі.
Адкрыццё выставы прайшло ў асаблівай, пранікнёнай атмасферы. Сярод гасцей прысутнічалі сваякі відавочцаў трагедыі, для якіх памяць аб Хатыні — частка асабістай сямейнай гісторыі. Значным момантам мерапрыемства стала выступленне выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба "Гонар" з горада Мінска. Дзеці чыталі вершы, прысвечаныя памяці жыхароў вёскі. Іх шчырыя, эмацыйныя выступленні надалі мерапрыемству асаблівую глыбіню і кранальнасць.
Фотадакументальная выстава "Лёс падарыў шчасце жыць..." — гэта жывая гісторыя пра людзей, якія сталі захавальнікамі памяці аб Хатыні. Праз лёсы канкрэтных сем'яў і асобных людзей раскрываецца трагедыя цэлага народа, а таксама сіла духу і каштоўнасць самога жыцця.
Экспазіцыя нагадвае: памяць аб Хатыні — гэта не толькі смутак аб мінулым, але і важны маральны ўрок для сучаснасці і будучыні!