Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

22 сакавіка – Дзень памяці ахвяр трагедыі ў Хатыні

23.03.2026

22 сакавіка 2026 года ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 83-й гадавіне з дня трагедыі ў беларускай вёсцы Хатынь, спаленай карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пачаліся яны з літургіі і памінальнай літыі ў храме ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, размешчаным на тэрыторыі мемарыяла.

З самай раніцы на комплексе праходзіла народнае ўскладанне. У Хатынь, якая стала сімвалам памяці і смутку, ехалі людзі, каб аддаць даніну павагі продкам, загінуўшым, але не заваяваным.

Першым да Вечнага агню быў ускладзены вянок ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які сімвалізуе смутак усёй краіны. Букеты з руж і гваздзікоў усклалі прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў, міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, дэлегацыі абласцей і моладзь.

У гэты дзень у Хатыні пабывалі больш за 32 тысячы чалавек. Сярод наведвальнікаў былі жыхары Беларусі, госці з Расіі і іншых краін. Кожны прыйшоў, каб ушанаваць памяць загінуўшых і задумацца аб далікатнасці мiру на зямлі.

У рамках памятных мерапрыемстваў дырэктар ДМК "Хатынь" Дзмітрый Вільтоўскі ўручыў ганаровым гасцям новую кнігу пра Хатынь, якая адлюстроўвае шматвяковую гісторыю Беларусі, трагедыю Хатыні і перыяд акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод ганаровых гасцей, якія атрымалі кнігу: міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін, старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Канстанцін Бычок, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. Новае выданне – даніна памяці былому дырэктару мемарыяльнага комплексу Артуру Зельскаму, аўтару канцэпцыі музея на тэрыторыі мемарыяла.

У гэты дзень у рамках аўтапрабегу мемарыяльны комплекс "Хатынь" наведалі члены Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Патрыёты Беларусі". Удзельнікі аўтапрабегу далучыліся да тысяч людзей, якія прыехалі з усёй краіны, каб аддаць даніну павагі загінуўшым у гэтай трагедыі.

22 сакавіка – дзень, які стаў важным сімвалам памяці, штогод аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных краін і розных пакаленняў. Дзень памяці ахвяр трагедыі ў Хатыні нагадвае пра неабходнасць захоўваць гісторыю і перадаваць яе будучым пакаленням.

Беларусь памятае і смуткуе.

Экспарт: