Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

У Хатыні адкрылася ўнікальная выстава "Леанід Левін. Імгненне"

24.07.2026

24 ліпеня 2026 года ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" адбылася знакавая падзея — адкрыццё выставы, прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага архітэктара і аднаго з аўтараў "Хатыні" — Леаніда Мендзелевіча Левіна.

Мерапрыемства стала важнай вяхой у захаванні гістарычнай памяці Беларусі і данінай павагі да творчай спадчыны вялікага майстра.

Леанід Левін, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Ленінскай прэміі і двойчы ўладальнік Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Яго імя асацыюецца са стварэннем знакавых мемарыялаў, якія сталі сімваламі нацыянальнай самасвядомасці і гонару беларускага народа. Сярод яго найбольш вядомых работ — мемарыяльны комплекс "Хатынь", мемарыял "Яма", мемарыяльны комплекс "Дзецям — ахвярам вайны" ў Красным Беразе, праекты рэканструкцыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада і гістарычнай Нямігі, станцыі Мінскага метрапалітэна і многія іншыя аб'екты.

На адкрыцці выставы сабраліся госці з усіх куткоў рэспублікі, жадаючыя ушанаваць памяць вялікага майстра і аддаць даніну павагі яго творчасці.

"Мы сабраліся тут, на святой для кожнага беларуса зямлі Хатыні для таго, каб дакрануцца да спадчыны чалавека, чыё імя для нашай краіны не проста радок у летапісе. "Пачакай час, і ты сам усё зразумееш", – гэтыя радкі Леаніда Мендзелевіча Левіна сталі эпіграфам не толькі да нашай выставы, але і да ўсяго яго дзіўнага шматграннага жыцця", – адзначыў дырэктар ДМК "Хатынь" Дзмітрый Сяргеевіч Вільтоўскі.

Таксама, у ліку прысутных была і дачка Леаніда Левіна – Галіна Леанідаўна Левіна. У дар фонду музея яна перадала памятныя рэчы, звязаныя з яе бацькам: гальштук Леаніда Мендзелевіча і першыя выданні, дзе апублікаваныя главы з яго аўтабіяграфічнай аповесці "Хатынь". У сваёй прамове Галіна Леанідаўна падзялілася ўспамінамі пра свайго бацьку і адзначыла: "Сёння мы ўяўляем іншую грань творчасці Леаніда Левіна, якая невядомая многім. Ён маляваў заўсёды. І для мяне вялікі гонар, што мы можам сёння менавіта ў "Хатыні" прадставіць гэтыя работы". Гэтыя словы падкрэсліваюць важнасць выставы як магчымасці ўбачыць Левіна не толькі як архітэктара, але і як таленавітага мастака, чые творы таксама заслугоўваюць увагі.

Выстава адкрывае перад гледачамі новы погляд на асобу Леаніда Мендзелевіча – яна прадстаўляе яго не толькі як вялікага архітэктара, але і як чалавека з глыбокім унутраным светам, здольнага перадаваць свае пачуцці і думкі праз жывапіс і паэзію.

Завяршэннем урачыстай цырымоніі стала экскурсія па музеі і тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, якая дала гасцям магчымасць глыбока пагрузіцца ў гісторыю месца і ўсвядоміць фундаментальную ролю захавання гістарычнай праўды для будучых пакаленняў.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу ў музеі мемарыяльнага комплексу "Хатынь"! Гэта ўнікальная магчымасць дакрануцца да спадчыны вялікага архітэктара і мастака, даведацца больш пра яго жыццё і творчасць, а таксама адчуць дух часу, які ён змог захаваць у сваіх творах.

Экспарт: