Свята аб'ядноўвае прадстаўнікоў дзясяткаў творчых прафесій: дзеячаў культуры, акцёраў, пісьменнікаў, музыкантаў, мастакоў, а таксама супрацоўнікаў музеяў. Працай гэтых людзей ствараецца тое, што мы называем нацыянальным здабыткам. Лепшыя работнікі сферы атрымалі ўзнагароды міністэрстваў і ведамстваў.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Барысавіч Пярцоў зачытаў віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Таксама павіншаваў работнікаў сферы з прафесійным святам Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Сяргеевіч Маркаў: "Гэты дзень — цудоўная нагода выказаць удзячнасць усім, хто прысвяціў сваё жыццё зберажэнню і прымнажэнню нашай вялікай духоўнай спадчыны. Ваша місія выходзіць далёка за рамкі прафесіі. Вы - захавальнікі гістарычнай памяці нацыі, стваральнікі сэнсаў і тыя самыя ніткі, якія звязваюць пакаленні".
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў уручыў Ганаровую грамату дзяржаўнаму мемарыяльнаму комплексу "Хатынь" за шматгадовую плённую работу па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры.
Асабліва сімвалічна, што гэтая высокая ацэнка рушыла ўслед неўзабаве пасля прысваення Кургану Славы першай катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.
Віншуем калег з тым, што гэтая грандыёзная агульная праца па абароне статусу святыні ацэненая на самым высокім узроўні! Няхай адданасць сваёй справе, прафесіяналізм і ўклад у захаванне гістарычнай памяці заўсёды атрымліваюць годнае прызнанне. Жадаем яшчэ больш прафесійных дасягненняў і далейшых поспехаў.