Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Спаленыя вёскі — геаграфія страт. Глухое Пярхурава

30.01.2026

Вёска Глухое Пярхурава (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць) знаходзілася ў 1,5 кіламетрах на захад ад вёскі Фрунзэ. Першыя згадкі пра гэты населены пункт адносяцца да пачатку XVI стагоддзя. Тутэйшыя землі належалі Радзівілам, а з 1860 года — памешчыку Вагнеру. Вёска размяшчалася ў лясістай мясцовасці. На вёсцы былі распаўсюджаны прозвішчы: Карабановічы, Маразы, Мацкевічы.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў населеным пункце налічвалася больш за 30 двароў. З пачаткам вайны многія жыхары вёскі былі прызваны ў Чырвоную Армію, а дзесяць маладых вяскоўцаў далучыліся да партызанскай брыгады ім. Сталіна і ў гады акупацыі змагаліся з ворагам у глыбокім тыле. Мясцовае насельніцтва падтрымлівала сувязі з атрадамі брыгад ім. Сталіна, ім. Дзяржынскага, ім. Фрунзэ. Былі сувязнымі гэтых атрадаў Мароз А.В., Карабановіч В. А., Мацкевіч Ю. В. і іншыя.

У студзені 1943 года партызаны абстралялі невялікі атрад немцаў, які праязджаў у 3-х км ад вёскі. Само баявое сутыкненне працягвалася не больш за 10 хвілін. Падчас сутычкі быў забіты нямецкі унтэр-афіцэр і адзін салдат, тры немцы былі параненыя. Партызаны ў баі страт не панеслі і адышлі ў глыб лесу.

Праз некалькі дзён, а менавіта 30 студзеня 1943 года ў вёску ўварваліся гітлераўцы з батальёна СС Дырлевангера, якія пазней прымуць удзел у знішчэнні Хатыні. Акупанты ўжылі адладжаную тактыку знішчэння насельніцтва ва ўласных паселішчах — змешаныя каманды эсэсаўцаў і паліцаяў урываліся ў дамы адразу пасля выбухаў гранат, якія закідвалі праз вокны і дзверы, выжыўшыя жыхары траплялі пад аўтаматны агонь. Затым нацысты знішчалі ўсіх жывёл у хлявах, уключаючы кароў, коней, свіней, сабак і катоў. Карнікі некалькі разоў прачэсвалі кожны дом, кожны склеп, кожнае гарышча і кожны хлеў.

Выжыць удалося маладой жыхарцы вёскі Мароз Таццяне Усцінаўне, якая схавалася ў падвале пад бураком. Зрабіўшы некалькі стрэлаў у склеп з аўтаматаў і нікога не знайшоўшы, карнікі сышлі.
Таксама выратаваўся і малалетні Іван Мацкевіч. Акупанты перабілі ўсю яго сям'ю, а яго не знайшлі. Па супадзенні застацца жывым удалося Станіславу Карабановічу. Ён пайшоў у лес менавіта ў той час, калі ў вёсцы пачалася бойня. Ён чакаў амаль пяць гадзін, пакуль карнікі не пакінулі вёску. Увесь гэты час ён прасядзеў у лесе і чуў, што рабілася ў яго роднай вёсцы.

Пасля кантрольнага абыходу двароў паліцаі спалілі ўсе 32 жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, склепы разам з целамі забітых жыхароў вёскі. Усяго ў ходзе карнай аперацыі былі знішчаны 120 мірных жыхароў.

Праз некалькі дзён на папялішча вёскі прыйшлі сваякі загінуўшых і партызаны брыгад ім. Сталіна і Дзяржынскага. Астанкі жыхароў Глухога Пярхурава былі сабраныя і пахаваныя.

У 1957 годзе на месцы спаленай вёскі была ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам: "Тут 30 студзеня 1943 г. нямецкімі захопнікамі былі знішчаны 120 мірных жыхароў в. Глухое Пярхурава", на магіле ахвяр нацызму пастаўлены абеліск. Са 120 расстраляных не былі ўсталяваныя прозвішчы 39 чалавек. Паводле аповеду жыхара суседняй вёскі Кулакоўцы Аляксандра Андрэевіча Прасвірына, пасля адыходу карнікаў жыхар вёскі Дворышча Занеўскі выратаваў трохгадовую дзяўчынку Зіну, якая схавалася пад печчу згарэўшага дома. Занеўскі разгрэб галавешкі, дастаў дзіця, схаваў яго ў кажух і прынёс дадому, а пазней удачарыў дзяўчынку.

Вёска Глухое Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе "Хатынь".

Матэрыял падрыхтавала

малодшы навуковы супрацоўнік Сыч Д. Д.

30 01 26 4

Глухое Пярхурава на публічнай кадастравай карце

Экспарт: