Мемарыялы
Государственный мемориальный комплекс
ХАТЫНЬ
rectangle rectangle-mobile

Дальва - сястра Хатыні: памяць, агорнутая полымем

22.06.2025

Трагедыя, якую нельга забыць

Дальву называюць сястрой Хатыні — і гэта не выпадкова. Лёсы абедзвюх вёсак трагічна падобныя: яны былі сцёртыя з твару зямлі фашыстамі і іх памагатымі. Калі Хатынь стала сімвалам беларускага болю, то Дальва — яшчэ адным страшным напамінам пра зверствы вайны.

19 чэрвеня 1944 года, усяго за два тыдні да вызвалення Беларусі, вёска Дальва перастала існаваць. Разам з ёй загінулі 44 жыхары — старыя, жанчыны, дзеці. Іх спалілі жыўцом, як і тысячы іншых мірных жыхароў Беларусі ў гады акупацыі.

Памяць, выкаваная ў камені

Аб трагедыі Дальвы сёння нагадвае мемарыяльны комплекс на 77–м кіламетры трасы Мінск-Віцебск. Яго стварэнне — вынік клятвы, якую даў адзіны выжыўшы сведка трагедыі, 13-гадовы Мікалай Гірыловіч. Ён пакляўся на магіле землякоў, што іх памяць будзе жыць вечна.

Праз гады, дзякуючы намаганням Мікалая, яго жонкі Рымы, скульптара Мікалая Церабуна і падтрымцы калег з "Белтэлерадыёкампаніі", мемарыял быў адкрыты 15 ліпеня 1973 года. У яго стварэнні ўдзельнічалі дзясяткі неабыякавых людзей, а фінансавую дапамогу аказалі канцэрты, арганізаваныя Дзяржтэлерадыё БССР.

"Ніколі нельга прывыкнуць да такога болю"

Штогод 19 чэрвеня ў Дальве праходзіць мітынг-рэквіем. Сёлета ўшанаваць памяць загінуўшых сабраліся прадстаўнікі савета ветэранаў "Белтэлерадыёкампаніі", Беларускага Фонду міру, грамадскага аб'яднання "Белая Русь", кіраўніцтва Лагойскага раёна, а таксама школьнікі з навакольных вёсак.

— З году ў год мы ўспамінаем тое, да чаго ніколі нельга будзе прывыкнуць. Ніколі нельга прыняць і ўсвядоміць тое, як гінуць тысячы людзей, тое, што нейкая незразумелая цёмная сіла падымае руку на дзіця. Так здарылася ў Дальве, напярэдадні вызвалення. Сёння мы збіраемся тут не толькі для таго, каб ушанаваць загінуўшых у Дальве і іншых спаленых вёсках Беларусі, але і, каб перадаць гістарычную памяць аб тых трагічных і жудасных момантах нашым дзецям, — адзначыла намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама па сацыяльнай сферы Анжэла Раемская.

Георгій Молчан, старшыня савета ветэранаў "Белтэлерадыёкампаніі", адзначыў, што калектыў заўсёды падтрымліваў ініцыятыву Мікалая Гірыловіча і працягвае выхоўваць моладзь у духу патрыятызму.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Дзмітрый Вільтоўскі нагадаў прысутным аб страшнай статыстыцы: тысячы беларускіх вёсак падзялілі лёс Дальвы і Хатыні.

Імёны, упісаныя ў гісторыю агнём.

Трагедыя Дальвы назаўжды звязала прозвішчы Акуліч, Буцвілоўскі, Кухаронак, Фальковіч, Грынь і Гірыловіч. Іх гісторыя — гэта не проста памяць пра мінулае, а перасцярога будучым пакаленням.

Мы абавязаны памятаць. Каб такое ніколі не паўтарылася.

Гісторыя вёскі Дальва

Экспарт: